Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дзяржсакратар  ЗША сустрэўся з Віталём Шкляравым

02.01.2021 14:31
24 кастрычніка дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа ў тэлефоннай размове з Лукашэнка заклікаў вызваліць Шклярава.
Майк Пампэа сустрэўся з Віталём Шкляравым і яго сям’ёй Фота: Twitter

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа сустрэўся з паліттэхнолагам Віталём Шкляравым, які тры месяцы правёў у СІЗА КДБ ў Мінску. Вызвалілі Віталя ў кастрычніку, дзякуючы намаганням Дзярждэпу ЗША, паведамляе "Белсат". 

Здымак з сустрэчы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША апублікаваў у Twitter. Ён адзначыў высілкі вялікай каманды амерыканскіх дыпламатаў Мінску і Кіева ў вызваленні Шклярава, а таксама падтрымку сям’і палітвязня.

Дэталі сустрэчы Пампэа і Шклярава не паведамляюцца.

На фота, бачна, акрамя Шклярава і Пампэа, – жонка Віталя, працаўніца Дзярждэпу ЗША Хезэр Шклярава ды іх дзеці.

Грамадзянін ЗША і Беларусі Віталь Шкляраў быў затрыманы 29 ліпеня ў Гомлі, куды прыехаў наведаць маці. Яму высунулі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Шклярава, у прыватнасці, падазравалі ў тым, што ён працаваў паліттэхнолагам блогера Сяргея Ціханоўскага, які быў затрыманы па гэтым жа артыкуле 29 траўня.

10 кастрычніка Шкляраў прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ, а праз шэсць дзён яму змянілі меру стрымання на хатні арышт.

24 кастрычніка дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа ў тэлефоннай размове з Лукашэнка заклікаў вызваліць Шклярава.

27 кастрычніка стала вядома, што Шкляраў пакінуў Беларусь. Яго крымінальная справа не прыпыненая і не закрытая.

Пасля вызвалення Шкляраў даў рэзананснае інтэрв’ю «Эхо Москвы», дзе кампліментарна выказаўся наконт Аляксандра Лукашэнкі.

эж